З сярэдзіны кастрычніка пачнецца прышчэпачная кампанія супраць грыпу
Паводле яе слоў, хутка паступіць першая партыя вакцыны, а прыкладна з сярэдзіны кастрычніка пачнецца прышчэпачная кампанія супраць грыпу. Бясплатнай імунізацыі падлягаюць асобы, якія адносяцца да групы высокай рызыкі неспрыяльных наступстваў захворвання на грып. Гэта людзі з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, з парушэннямі функцыі нырак або гемаглабінапатыямі, з імунадэфіцытам (у тым ліку ВІЧ-інфіцыраваныя і тыя, хто праходзіць імунасупрэсіўную тэрапію), дзеці старэйшыя за 6 месяцаў і падлеткі на працяглай аспірынатэрапіі, людзі старэйшыя за 65 гадоў. Бясплатныя прышчэпкі будуць таксама рабіцца грамадзянам, якія з-за сваёй прафесіі маюць вялікую рызыку захварэць на грып. Да іх адносяцца медыкі, работнікі дамоў дзіцяці і дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, птушкаперапрацоўчых прадпрыемстваў, спецыялісты ветэрынарнай сферы і арнітолагі. Вакцынацыя проціпаказана людзям, якія мелі алергічныя рэакцыі на папярэднія прышчэпкі грыпознай вакцыны або на курыны бялок, сістэмныя дыфузныя захворванні злучальнай тканкі, захворванні наднырачнікаў, спадчынныя, дэгенератыўныя і прагрэдыентныя захворванні нервовай сістэмы. Тым, хто хварэе на вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя, а таксама хранічныя захворванні ў стадыі абвастрэння, прышчэпкі можна рабіць толькі праз месяц пасля выздараўлення. Вераніка Шымановіч адзначыла, што эпідэмія грыпу ў Беларусі пакуль чакаецца ў характэрныя для рэспублікі тэрміны: канец студзеня—пачатак лютага наступнага года.