Версия сайта для мобильных устройств | English version

22.06.2009

Беларусы выпрабоўваюць на сабе лекі за грошы

Штогод у нашай краіне праводзіцца каля 30 выпрабаванняў лекавых сродкаў. Акрамя айчынных вытворцаў, на беларускіх грамадзянах эксперыментуюць і замежнікі.

Выпрабаванні пачынаюць праводзіць на людзях толькі пасля таго, як будзе даказана эфектыўнасць і бяспека лекаў у даклінічных выпрабаваннях, то бок на жывёлах.

Стымулам для дабраахвотнікаў становіцца якаснае дэтальнае абслугоўванне падчас правядзення эксперыменту і невялікія грошы. Пра гэта "Еўрарадыё" распавяла галоўны клінічны фармаколаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры клінічнай фармакалогіі БДМУ Ларыса Гаўрыленка:

"Ёсць і карысць, і рызыка. Таму што ўпершыню выкарыстоўваюцца лекі на чалавеку. А карысць тое, што дасканала назіраюцца гэтыя людзі, пастаянна знаходзяцца пад урачэбным кантролем, лабараторныя даследаванні, інструментальныя, калі гэта неабходна. Усё залежыць ад таго, якая праграма выпрабавання".

Як высветліла "Еўрарадыё", такія клінічныя выпрабаванні праводзяцца на здаровых людзях. І прычым урачэбны кантроль адбываецца толькі ў час самога даследавання. Таму дадзены стымул наўрад ці можа прыцягнуць вялікую колькасць людзей. Аднак галоўны клінічны фармаколаг кажа, што грошы за такія выпрабаванні таксама могуць прывабліваць людзей.

Ларыса Гаўрыленка: "Ёсць яшчэ дадатковы стымул, як аплата іх працы. Дакладную лічбу я назваць не магу, бо яна кожны раз залежыць ад дамоўных адносін. Паміж спонсарам даследавання, установай, якая набірае такіх добраахвотнікаў для выпрабаванняў. Але калі людзі ўдзельнічаюць у выпрабаваннях, напэўна, іх задавальняе гэты кошт".

А вось на прадпрыемстве, якое непасрэдна займаецца выпрабаваннем лекаў, лічаць, што свядомасць людзей падштурхоўвае іх на такія выпрабаванні. Пра гэта паведаміла дырэктар навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Лоціас" Аліна Якімава.

Аліна Якімава: "Мы добраахвотнікаў страхуем у Белдзяржстраху, самі разумееце, на ўсялякі выпадак. Клініка ім плаціць па дамовах за тое, што яны ўдзельнічаюць у гэтым эксперыменце. Там не такія вялікія грошы, людзей просяць, тлумачаць ім важнасць, што гэта лекі, якія будуць пасля рэалізоўвацца людзям. Людзі ж увогуле як бы свядомыя".

Па сучасных патрабаваннях мінімальная колькасць людзей, якія прымаюць удзел у адным выпрабаванні, не павінна быць меншай за 18 чалавек. Аднак па словах Ларысы Гаўрыленка, часам гэтая колькасць можа перавышаць тысячы чалавек.

Ларыса Гаўрыленка: "Колькасць можа быць ад 20 чалавек да некалькіх тысяч, нават дзесяткаў тысяч".

Часцей за ўсё людзей набіраюць болей, чым патрэбна для выпрабавання, на выпадак, калі ўдзельнікі пачнуць адмаўляцца ад удзелу. Распавядае дырэктар УП "Лоціас" Аліна Якімава: "Калі прызначаюцца клінічныя выпрабаванні, то абавязкова ўказваецца колькасць добраахвотнікаў. І калі іх колькасць будзе меншай, то вынікі выпрабаванняў ніхто не прызнае. Як правіла, бяруць больш чым прадпісана, таму што рознае можа здарыцца: чалавек не захацеў, з’ехаў, шмат якія могуць быць абставіны".

Удзельнікі выпрабавання маюць права на любым этапе адмовіцца ад свайго ўдзелу.

Ларыса Гаўрыленка: "Калі ў час правядзення даследавання ў гэтага чалавека ўзнікаюць нейкія сітуацыі ці ён проста прымае рашэнне спыніць, ён можа ў любы момант адмовіцца".

Часам у эксперыментатараў узнікаюць праблемы з наборам людзей. Бо тыя павінны адказваць пэўным крытэрам па свайму стану здароўя. І можа быць, што з чатырох прэтэндэнтаў толькі адзін будзе падыходзіць да даследавання.

Складаная сітуацыя з наборам людзей, на якіх эксперыментальны лекавы сродак выкарыстоўваецца для лячэння захворвання. Яно праводзіцца на асобах, якіх непакоіць толькі гэтае канкрэтнае захворванне і ніякіх іншых. Гэтыя людзі павінны адпавядаць крытэрам па цяжкасці захворвання, па асаблівасцям, якія спадарожнічаюць, нават па ўзросту, па полу і шмат якім іншым. Але нягледзячы на гэтыя шматлікія фактары, добраахвотнікі знаходзяцца.

Источник: